Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ліквідуюць два аб’яднаньні стаматолягаў і таварыства інвалідаў


У Менскім гарадзкім судзе 17 траўня адбудзецца разгляд адразу двух пазоваў аб ліквідацыі аб’яднаньняў стаматолягаў, сьведчыць расклад на партале электроннага судаводзтва.

Судзьдзя Натальля Пыкіна аб 11.00 пачне працэс у дачыненьні да Беларускага артадантычнага грамадзкага аб’яднаньня стаматолягаў (6 красавіка 2000 году).

У тым жа судзе 21 траўня а 10:00 Натальля Песенька пачне разглядаць пазоў аб ліквідацыі Беларускага таварыства інвалідаў «Рэабілітацыя». Гэтае аб’яднаньне існуе з 8 сьнежня 2010 года.

Ва ўсіх выпадках ініцыятарам судовых працэсаў выступае Міністэрства юстыцыі.

У сярэдзіне красавіка сталічнае ўпраўленьне апэратыўных мерапрыемстваў інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах анансавала праверку нядзяржаўных стаматалягічных клінік. Ведамства паведаміла, што аналізу падвергнуць 387 ліцэнзіятаў.

З 1 лістапада 2023 году ў Беларусі дзейнічае рэгуляваньне тарыфаў на ўсе віды стаматалягічных паслуг. Рашэньне было прынятае ў мэтах «падвышэньня цэнавай даступнасьці платных стаматалягічных паслуг для насельніцтва».

Сёлета 19 лютага міністар аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў заявіў, што перад яго ведамствам стаіць задача вырашыць праблему разьбежкі цэн паміж платнымі паслугамі ў дзяржаўных паліклініках і прыватных цэнтрах «па ўсіх кампанэнтах аказваемай дапамогі, пачынаючы ад стаматалёгіі і заканчваючы УГД».

5 сакавіка прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка заявіў, што новае рэгуляваньне на стаматалягічныя паслугі, «уведзенае яшчэ папярэднім міністрам», «паводле інфармацыі, што паступае зь месцаў, патрэбнага эфэкту не дало пакуль».

Паводле стану на сакавік 2024 году, ня меней за 1563 грамадзкія аб’яднаньні, установы, асацыяцыі ці фонды ліквідаваныя ў Беларусі з 2020 году, паведамляюць праваабаронцы. Гэтая лічба на 30 арганізацый большая, чым у студзені.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец лютага 2024 году ня менш за 981 арганізацыю знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 582 прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG