Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад даносам у КДБ на Сьцяпана Латыпава — подпіс ягонага калегі-арбарыста з Масквы


Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

У зьлітай «Кіберпартызанамі» базе зваротаў у КДБ Беларусі «Еўрарадыё» знайшло два даносы на палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава, які абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» ў двары на «плошчы Перамен» у Менску.

Абодва даносы адпраўлены ў адзін дзень ад імя Ігара Валер’евіча Казанцава з Масквы. У першым даносе сказана, што беларус закупляў і ўвозіў у Беларусь забароненыя хімікаты, у другім — што ў яго ёсьць «карта паляка» і што ён нібыта «распальвае нянавісьць» у дачыненьні да расейцаў.

«Еўрарадыё» знайшло поўнага цёзку чалавека, які напісаў даносы. Як і Сьцяпан Латыпаў, масквіч Ігар Валерʼевіч Казанцаў — арбарыст (спэцыяліст па доглядзе за дрэвамі). На яго зарэгістраваная гандлёвая марка «Русские арбористы».

Журналісты патэлефанавалі па расейскім мабільным нумары, пазначаным у «базе даносаў». Слухаўку падняў Ігар Казанцаў. У размове з журналістамі ён прызнаў, што знаёмы са Сьцяпанам Латыпавым, але адмаўляў, што пісаў у КДБ даносы на яго.

«З КДБ Беларусі я не супрацоўнічаў, таму што я знаходжуся ў Расеі і зьяўляюся рэзыдэнтам Расеі. А супрацоўнікам КДБ Беларусі можа быць толькі грамадзянін Беларусі. З Латыпавам знаёмы асабіста і працаваў... Таму і кажу — на жаль, ведаю. Тое, што Латыпаў кантрабандай увозіў у Беларусь забароненыя хімікаты — гэта факт. Адкуль ведаю? Я па тэлефоне нічога не расказваю», — заявіў Ігар Казанцаў.

У адказ на пытаньне журналістаў, ці пісаў ён у КДБ Беларусі, што Латыпаў мае «карту паляка» і нібыта «распальвае міжнацыянальную варажнечу», Казанцаў заявіў, што «гэта агульнавядомы факт, пра які ён (Сьцяпан латыпаў — рэд.) пісаў у адкрытыя крыніцы інфармацыі».

Ён таксама адмовіўся казаць пра сваё стаўленьне да прысуду Сьцяпану Латыпаву і адказваць на іншыя пытаньні журналістаў.

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня 2020 году ва ўласным двары — абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту Менску, калі ён спрабаваў абараніць ад сілавікоў мурал. На ператрус у той самы дзень яго прывезьлі зьбітым.
  • Падчас суда Латыпаў заявіў, што адміністрацыя турмы, каб дабіцца прызнальных паказаньняў, кінула яго ў так званую «прэс-хату».
  • 1 чэрвеня 2021 году Латыпаў зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі. Яму зрабілі апэрацыю. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
  • 16 жніўня 2021 году судзьдзя Аляксандар Воўк асудзіў Сьцяпана Латыпава да 8 гадоў і 6 месяцаў калёніі. На палітвязьня ўвесь час ціснуць за кратамі. У канцы верасьня 2022 году яго перавялі ў магілёўскую турму № 4.
  • У лютым 2024 году стала вядома, што Сьцяпан Латыпаў захварэў на цынгу. Цынга бывае ад нястачы вітаміну С. Пры адсутнасьці вітаміну яна можа разьвіцца за чатыры тыдні, пры недахопе — за чатыры месяцы. На фоне зьніжэньня імунітэту характарызуецца ломкасьцю сасудаў, кроватачывасьцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG