Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай» накіравалі ў суд


Фігуранты справы «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай». Ілюстрацыйны каляж
Фігуранты справы «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай». Ілюстрацыйны каляж

Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой.

Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці крымінальную справу ў дачыненьні да групы асоб, якіх улады назвалі «ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармаваньня аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай».

У сьпісе беларускія палітолягі, журналісты, аналітыкі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у тым ліку тыя, якія ня маюць адносін да Сьвятланы Ціханоўскай.

Сярод іх Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Юры Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна.

У дачыненьні да абвінавачаных праводзіцца так званае спэцыяльнае вядзеньне, гэта значыць завочнае сьледзтва і завочны суд.

Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачваюць у «зьдзяйсьненьні злачынстваў экстрэмісцкага характару ў сувязі з кампаніяй па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў постэлектаральны пэрыяд».

Абвінавачваньне ў кіраўніцтве «экстрэмісцкім фармаваньнем» выставілі Аляксандру Дабравольскаму.

Вярхоўны суд накіраваў справу для разгляду ў Менскі абласны суд.

Што вядома пра справу «аналітыкаў Ціханоўскай»

Азначэньне «аналітыкі Ціханоўскай» умоўнае, узялося са словаў прапаганды. Насамрэч усе гэтыя людзі працуюць у розных арганізацыях, нярэдка палемізуюць паміж сабой.

Іх падазраюць у:

  • «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады, учыненым групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
  • «закліках да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту» (ч. 3 арт. 361 КК);
  • «змове або іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357);
  • «уваходжаньні ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах учыненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці» (ч. 3 арт. 361-1);
  • а таксама ў саўдзеле ў першых двух названых злачынствах (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, а таксама ч. 3 арт. 61).

Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой.

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG