Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Ня важна, у чыіх руках горад, галоўнае, каб ён быў у руках вашых сяброў, — Сяргей Шупа пра Вільню, БНР і ВКЛ


Фотакаляж. Раман Скірмунт, Геранім Друцкі-Любецкі, Альбрэхт Радзівіл, Сяргей Шупа.
Фотакаляж. Раман Скірмунт, Геранім Друцкі-Любецкі, Альбрэхт Радзівіл, Сяргей Шупа.

У дні, калі адзначаецца 106-я гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці БНР, мы вырашылі нагадаць, як і калі беларускія палітыкі адмовіліся ад намеру абвясьціць сталіцай краіны Вільню і ад мары адрадзіць супольнае зь літоўцамі Вялікае Княства Літоўскае.

Пра гэта расказвае беларускі лінгвіст, археограф, пісьменьнік і перакладчык літоўскай літаратуры Сяргей Шупа.

0:00 — што цяпер адбываецца ў Літве вакол «літвінскай тэмы»

5:40 — чаму літоўцы і беларусы ня могуць пагадзіцца наконт таго, ці ўяўляе сабой пагрозу так званы «літвінізм»

12:06 — ці прызнаюць у Літве пераемнасьць паміж «русінамі» і «беларусамі»

16:25 — з кім захоча гіпатэтычная вольная Беларусь быць, жыць, ісьці ў будучыню

18:23 — як дамовіцца інтэлектуалам абедзьвюх краіна, якая роля гісторыі і гісторыкаў у патэнцыйным будучым дыялёгу

22:59 — ці магчымы кампраміс у форме, калі беларусы прызнаюць Вільню літоўскай, а літоўцы прызнаюць беларусаў аўтахтонамі Вільні

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Сяргеем Шупам:

— Сталіцай беларускай дзяржаўнасьці хацелі зрабіць Вільню. Як сталася, што сталіцай БНР стаў Менск?

— Каб зрабіць Вільню сталіцай менавіта беларускай дзяржавы, то так канкрэтна, па-мойму, пытаньне не стаяла ніколі.

Тут спачатку трэба пару словаў сказаць пра гістарычную і геаграфічную сытуацыю самой Вільні. Гэты горад быў сталіцай калісьці вялікай поліэтнічнай дзяржавы, якая аб’ядноўвала ў сабе розныя землі, народы, веры, культуры і мовы. І заўсёды для яе рызыкоўным фактарам было тое, што яна знаходзілася на пэрыфэрыі двух этнасаў. Яна ня ёсьць геаграфічным цэнтрам ні літоўскага этнасу, ні геаграфічным цэнтрам беларускага этнасу. А значыць, калісьці нейкія праблемы ў гэтых народаў могуць узьнікнуць, што тычыцца Вільні.

Плюс гэта ўсё было замазана зьверху тоўстым слоем палянізацыі, і там ужо не было ясна, хто там і што. Беларусы і літоўцы доўгі час былі меншасьцю ў Вільні, а большасьць складалі палякі і габрэі. Ну, скажам так, польскамоўныя людзі, яны зь ніякай Польшчы туды не прыехалі. Гэта былі мясцовыя людзі, учорашнія ці заўчорашнія літоўцы, хутчэй за ўсё літоўцы-каталікі, або беларусы, якія таксама, калі каталікі, то таксама пазаўчорашнія літоўцы. І вось да Першай сусьветнай вайны Вільня прыйшла з такой няяснай пэрспэктывай.

Ужо адразу пасьля пачатку нямецкай акупацыі члены гуртка ідэалістаў-рамантыкаў — беларусаў, літоўцаў, палякаў і габрэяў — сказалі: мабыць, ёсьць сэнс думаць, ну як яшчэ Вільня можа існаваць, як не сталіцай вялікай дзяржавы накшталт нэа-ВКЛ ці нечага падобнага? І ўтварылася так званая Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя дзеячы і палітыкі, якія называлі сябе краёўцамі, гаварылі на гэтую тэму.

Але на фоне такога шырокага фронту ўзьнікненьня новых постымпэрскіх дзяржаваў на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы гаварыць пра нешта іншае, чым пра дзяржаву, якая будуецца на этналінгвістычным прынцыпе, тады проста было нерэальна. Таму гэтая ідэя так і засталася блакітнай марай.

Кожная краіна хацела перш за ўсё выжыць, захаваўшы сваю самабытнасьць, захаваўшы сваю ідэнтычнасьць, мову і культуру.

Сытуацыя яшчэ склалася так, што лінія фронту, якая замацавалася пасьля першага нямецкага наступу летам 1915 году, адрэзала Вільню ад масіву беларускіх земляў. І Вільня засталася ў тым кавалку акупацыі, які канцэнтраваў усе літоўскія землі. Таму ўсе літоўскія працэсы, натуральна, адбываліся там.

Калі ж гаварыць пра беларускае адраджэньне, якое пачыналася яшчэ з часоў «Нашай Нівы» ў Вільні, то там засталіся толькі генэралы бяз войска — нейкія найвіднейшыя дзеячы, а масы беларускага народу апынуліся за лініяй фронту. І тады ўпершыню цэнтрам беларускага нацыянальна-палітычнага руху зрабіўся Менск. І там ужо ад сакавіка 1917 году пайшлі працэсы, якія прывялі да абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году ў Менску. І ад таго моманту Менск абсалютна робіцца сымбалем незалежнасьці Беларусі.

Калі вярнуцца на крок назад, то 16 лютага 1918 году абвяшчаецца незалежнасьць Літвы. І вось беларусам таксама часта закідаюць: маўляў, што вы там, пад нямецкай акупацыяй, ніхто вас там ня бачыў, як і вашу незалежнасьць, ніхто пра яе ня ведаў. Але падобная сытуацыя была і зь Літвой. Немцы вельмі нэгатыўна паставіліся да гэтага акту. Адзіная газэта, якая пра гэта паведаміла, гэта была літоўская газэта «Lietuvos Aidas», яна тут жа была канфіскаваная. Калі пачытаць віленскую прэсу лютага 1918 году, то ні ў нямецкай «Zeitung Der 10. Armee», ні ў беларускім «Гомане» ні слова пра абвяшчэньне незалежнасьці Літвы няма. Немцы гэта моцна трымалі пад каўпаком. Толькі пасьля яны ўжо пачнуць нейкія новыя гульні, і гэтая незалежнасьць Літвы перастане быць для іх нейкім хаваным сакрэтам.

Але беларусы, само сабой, пра гэта ведалі. І яшчэ апошняя, магчыма, надзея закладзеная ў звароце Віленскай Беларускай Рады да нямецкіх уладаў, дзе аўтары віншуюць і выказваюць падзяку за тое, што немцы прызналі незалежнасьць Літвы, але пішуць: зварачаем вашу ўвагу, што літоўцы складаюць толькі 40% насельніцтва Літвы. Значыць, да таго часу беларусы верылі, што Літва адродзіцца ў нейкім шырэйшым кантэксьце і ўбярэ ў сябе больш беларускіх земляў. Зноў жа гэта была яшчэ апошняя мара пра нешта накшталт новага Вялікага Княства Літоўскага. Але падзеі склаліся так, што не заставалася нічога рабіць, як разьвітацца з гэтымі марамі і прыехаць 25 сакавіка ў Менск і абвясьціць незалежнасьць Беларусі — нацыянальнай, этнічнай, зь беларускай мовай, з, магчыма, успамінамі пра Вялікае Княства Літоўскае, але далей ужо кожны народ вырашаў свае пытаньні.

Пасьля сытуацыя зь Вільняй яшчэ ўскладнілася з польскай акупацыяй — у міжваенны час гэта быў правінцыйны польскі горад. Але ў 1939 годзе (ясна, не без дапамогі мацнейшых сілаў) стаўся, на маю думку, гістарычны цуд — вяртаньне Вільні Літве. Лёс Вільні мог скласьціся як заўгодна, і я лічу, што тое, што ўрэшце адбылося, гэта было найлепшае, што зь Вільняй магло стацца. Гэта была выпадковая заканамернасьць, я б сказаў. Таму што літоўскі народ заўсёды, ад самых пачаткаў нацыянальнага абуджэньня і адраджэньня, меў Вільню ў сваёй праграме як вельмі важны пункт. Яны ніколі пра гэта не забывалі.

Беларусы часам увогуле ня ведалі, дзе яны, што яны, як яны, такой выразнай і яснай праграмы ня мелі. Хоць фактычна ў міжваенны час Вільня і была сталіцай Заходняй Беларусі, але беларусы ў той момант, калі горад быў сталіцай Заходняй Беларусі, таксама складалі ў Вільні малазаўважную меншасьць, хоць там гэтая меншасьць даволі актыўна сябе выяўляла.

І таму сталася так, як сталася, і мы ў разьвіцьці гэтай сытуацыі жывем да сёньня — беларусы ў Менску, літоўцы ў Вільні. І, як нехта калісьці прыгожа сказаў: «Ня важна, у чыіх руках горад, які калісьці быў ваш, галоўнае, каб ён быў у руках вашых сяброў». Я думаю, гэта вельмі важна сёньня падкрэсьліць.

— Ты ўжо часткова закрануў гэтае пытаньне, але і пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі яшчэ рабіліся спробы нейкім чынам адрадзіць беларуска-літоўскую канфэдэрацыю. Як і калі давялося адмовіцца ад мары адрадзіць ВКЛ цалкам?

— Фактычна гэтыя мары скончыліся з гэтым праектам краёўцаў. Бо тое, што пасьля зрабілі бальшавікі, — так званы Літбел пад савецкім сьцягам, які таксама намякае на колішнюю еднасьць беларусаў і літоўцаў, у гэтым выпадку ў барацьбе супраць паноў і эксплюататараў, — гэта ўжо была бутафорыя, і самі бальшавікі ў яе моцна ня верылі. Як яны ня верылі і ў так званую ССРБ, абвешчаную 1 студзеня 1919 году. Яны самі не хавалі, што гэта часовыя ўтварэньні, якія ўтвараюцца і адмяняюцца па меры прасоўваньня пераможнай Чырвонай Арміі на захад. Сёньня Беларуская Савецкая Рэспубліка, заўтра Літбел, пасьлязаўтра Польская Народная Рэспубліка, а там і нямецкая, і так далей, аж да Атлянтычнага акіяну, а там і Амэрыка не за гарамі.

Так што і Літбел нечым фармальна і тэрытарыяльна мог нагадваць тое Вялікае Княства Літоўскае, але нічога агульнага зь ім ня меў, бо гэта было, па сутнасьці, расейскамоўнае ўтварэньне, беларусамі там амаль і ня пахла. Гэта трагікамічны фінал той ідэі. А пасьля ўжо ўсе разышліся такімі дарогамі, што пытаньне гэтае не ўзьнікала і ня ставілася.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG