Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліза, дыхай. Згвалтаваная беларуска ў коме — салідарнасьць і страх


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Я шмат разоў гаварыла пра гэта з дактарамі, але так і не зразумела, ці чуюць штосьці людзі ў коме. І я ня ведаю, ці можаш ты штосьці ўсьведамляць пасьля працяглага кіслароднага галаданьня. Спадзяюся, табе не балюча і ня страшна.

Ведаеш, людзі сабралі шмат грошай на тваё лекаваньне. І працягваюць зьбіраць яшчэ і яшчэ. Усё ж за апошнія гады ў нас добра разьвіўся рэфлекс: бяда — трэба данаціць. Рэфлекс, які ўратаваў столькі жыцьцяў — каго ад хваробы, каго ад турмы, каго літаральна ад голаду. Мы данацілі тым, каму трэба тэрміновая эвакуацыя, тым, хто дапамагае эвакуаваць людзей зь Беларусі, і тым, хто носіць перадачкі ў СІЗА. На маратоне ў падтрымку палітзьняволеных мы сабралі ў паўтара раза больш за тое, што для сваіх палітычных сабралі расейцы (хоць насельніцтва ў іх у 16 разоў больш).

Зрэшты, данаціць — гэта, падобна, адзіная канструктыўная дзейнасьць, на якую мы цяпер здольныя. Табе дапамагаюць мэдыкі, пра цябе клапоціцца Даніла. Ён кажа, што сядзіць побач з табой, калі дазваляюць мэдыкі. А мы данацім, бо гэта тое, што нам даступна цяпер.

Гэтая хваля салідарнасьці дужа ўражвае — падобна, калі нас раскідала па сьвеце, падтрымліваць адно аднаго стала яшчэ важней. Быццам раней мы ставіліся адно да аднаго як да дадзенасьці, а цяпер зразумелі, што за сваіх трэба біцца. І на фоне такой салідарнасьці я зусім не разумею, адкуль выпаўзаюць на сьвятло камэнтатары і камэнтатаркі, якім дужа важна данесьці да аўдыторыі сваё меркаваньне адносна тваёй асобы і асудзіць цябе за тое, што ты ішла ўночы адна па вуліцы, што бачылася зь сябрамі, што ўвогуле часта адпачывала асобна ад свайго хлопца.

Вядома, яны так абараняюцца! Ніхто ня хоча прызнаваць, што таксама можа пацярпець ад злачынства. Але замест таго, каб проста прамаўчаць, аднесьці свае страхі псыхолягу ці хоць бы гучна выказацца пра сьвет, у якім жанчыны нідзе ня могуць адчуваць сябе ў бясьпецы, яны пачынаюць перакідаць віну з нападніка на пацярпелую. Вось і выходзіць, што ўсю агрэсію атрымлівае чалавек, якому трэба поўнае прыняцьце і — галоўнае — які ні ў чым не вінаваты.

Вядома ж, сярод такіх разумнікаў хапае троляў, але ёсьць і сапраўдныя людзі. Збольшага яны, падобна, падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, а на твае пачуцьці ім увогуле ўсё адно. Яны быццам паўтараюць мэтадычкі пра страшную Эўропу і расказваюць, што ў Беларусі людзі занадта звыклі да бясьпекі на вуліцы.

Я вельмі хачу, каб ты ў будучыні паспрачалася з тымі, хто цяпер піша, што з табой штосьці было ня так. Каб у цябе было дастаткова сілаў — і фізычных, і маральных, каб выказаць ім усё, што ты захочаш. Каб у нас як у грамадзтва зьявіўся яшчэ адзін рэфлекс — шукаць прычынна-выніковыя сувязі. І каб уся злосьць і страх выліваліся на адрас агрэсараў, а не людзей, якія ад іх пацярпелі.

Ты, галоўнае, дыхай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG