Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня тое, пра што пішуць. Там вельмі цяжка». Беларускі добраахвотнік «Дзед» пра Мар’інку, раненьне і гераізм


Добраахвотнік з пазыўным «Дзед», фотакаляж
Добраахвотнік з пазыўным «Дзед», фотакаляж

Добраахвотнік з пазыўным «Дзед» сярод тых беларусаў, хто ваюе ў складзе 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Свабоды.

«Калі ўвязаўся ў бойку, позна крычаць ратуйце»

— Раскажыце крыху пра сябе, чым вы займаліся ў Беларусі да вайны?

Працаваў, вельмі добра пачуваўся фінансава. Тое самае тычыцца сям’і і хобі, якім я займаўся. Будаваў для сябе дом. У мяне ўсё было добра, але я ня мог спакойна глядзець на тое, што адбывалася: як б’юць жанчын, як зьдзекуюцца з правоў чалавека. Тады я абурыўся.

— Палітыкай зацікавіліся ў 2020 годзе?

— Палітыкай я цікавіўся заўсёды, і мяне заўсёды нават абражала тое, што адбываецца ў краіне, але я ня бачыў уздыму ў насельніцтва. Я разумеў, што калі я выйду адзін, то ніякіх вынікаў гэта ня дасьць. Калі я пабачыў, што людзі ўжо ня могуць трываць, што пачынаюць выходзіць, тады я таксама стаў разам з усімі. Адчуў дух адзінства. Гэта ўжо не былі людзі «чарка-шкварка», яны былі гатовыя змагацца за свае правы, і за гэтых людзей я гатовы ісьці да канца. Я рэгістраваўся лічыць галасы, незалежных людзей проста выкідвалі з камісіяў, потым рэгістраваўся назіральнікам. Адчуў на сабе, як прыходзіць разнарадка прыбраць мяне. Езьдзіў у Менск на ўсе акцыі, бачыў, як разьбіраюць «сіняга кіта» (з вадамёту сіняга колеру пратэстоўцы вынялі некалькі дэталяў. — РС), быў у непасрэднай блізкасьці. Я такі чалавек — калі ўпрагаюся, то іду да канца.

— Вас затрымлівалі?

— Затрымлівалі. Сядзеў і не адзін раз, але ня ў Менску, а ў іншым горадзе. Мне пашанцавала. Я не маўчаў, шмат гаварыў, здымаўся ў роліках блогераў, пра мяне ў маім горадзе ведалі. Таму да мяне была асьцярожнасьць, мяне ня білі. Гэта ня Менск, у сваім горадзе я ведаў усіх «мянтоў» у твар, таму мяне пабойваліся. Я мог сказаць: «Ты маску надзеў, але я цябе ўсё адно ведаю». Так, яны круцілі розныя схемы: паўторнае затрыманьне, шантаж, пагрозы, але сілу не прымянялі. На мяне завялі крымінальную справу паводле артыкула 369 КК. Калі я ўбачыў сачэньне за сабой, то сабраў торбу і хуценька зьехаў у Вільню.

— Як Літва прыняла?

— Усё добра. Закахаўся ў Вільню. Спачатку было цяжка. Калі я перайшоў мяжу, то ў кішэні ў мяне было 500 даляраў. Дзьве пары майткоў, дзьве пары шкарпэтак, дзьве майкі. Хутка знайшоў падпрацоўку, сталі зьяўляцца грошы, хацеў хутчэй перацягнуць сям’ю. Потым усё закруцілася. Я ня здаўся і буду ісьці да канца. Як мяне вучыў бацька: «Калі ўвязаўся ў бойку, то позна крычаць ратуйце». Пачаў махаць кулакамі — махай да канца. У мяне выбару ўжо няма.

«Калі ехаў ва Ўкраіну, у мяне не было ружовых акуляраў»

— Калі вы паехалі ва Ўкраіну?

— Калі ўжо дакладна разумеў, што мая сям’я зможа безь мяне. Жонка ўладкавалася на працу. Я сабраў суму грошай, якая кампэнсавала б маю адсутнасьць. Жанчыне тут ня так проста, на будоўлю ня пойдзе. Арэнда вялікая — яна зарабляе грошы, але іх не хапіла б. Паехаў у пачатку 2023 году.

— Паехалі, бо не маглі не паехаць?

— Я пачынаў ужо лавіць нейкі дэпрэсьняк. Паехаў, бо мусіў. У мяне не было ніякіх ружовых акуляраў, калі туды ехаў. Я разумеў, куды я еду, мне ўжо не пятнаццаць ці дваццаць гадоў.

— Вы адразу паехалі ў 79-ю брыгаду?

— Не, спачатку быў у Інтэрнацыянальным легіёне. Там былі пэўныя моманты, якія мне не падабаліся. Была прапанова перайсьці ў 79-ю брыгаду, я туды пайшоў у пачатку траўня.

— У Інтэрнацыянальным легіёне ўдзельнічалі ў нейкіх баях?

— Не, там доўга ішло фармаваньне, дакамплектацыя змабілізаванымі ўкраінцамі. Ішлі такія, ведаеце, перакошаныя, аўтамат не маглі трымаць нармальна. Я сказаў камандаваньню: «Тут ёсьць матываваныя беларусы, дык што, беларусы пойдуць наперад і забараняцца („загінуць“ у вайсковым жаргоне. — „НН“), а ззаду будуць людзі, якія ўвогуле ваяваць ня хочуць?». Ёсьць розныя катэгорыі прыдатнасьці салдатаў: першая, другая, трэцяя, чацьвёртая. Дык у мяне ўражаньне было, што ўсіх украінцаў прысылалі з чацьвёртай групай. Я сказаў, што па такіх правілах не гуляю. Для кіраўніцтва галоўнае, што ёсьць узвод у 30 чалавек, але што працаваць там будуць усяго 15 чалавек — гэта нікога не цікавіць. Хтосьці ня дойдзе, хтосьці адваліцца, хтосьці схаваецца. Пры такіх раскладах зусім іншыя задачы і зусім іншыя страты. Я не хацеў на сваю душу браць сьмерці хлопцаў. Я ня быў гатовы, каб з маёй віны, што я змаладушнічаў, гінулі людзі. А даказаць нешта кіраўніцтву я ня мог.

«Там увесь час штурмы»

— 79-я брыгада, наколькі я разумею, працуе пад Мар’інкай?

— Так, гэта цяжкі кірунак. Там няма высокай забудовы, таму ваяваць цяжка. Ёсьць нават такі выраз ва Ўкраіне: «Калі ты быў у Бахмуце і там горача, то зьезьдзі ў Мар’інку, там пастаяннае пекла». Там увесь час штурмы. Брыгада стаіць ужо больш за год у гэтым кірунку. Пазыцыі ўнутры Мар’інкі штурмуюцца 4–6 разоў на дзень. На групы, высунутыя трошку наперад, увесь час ідуць накаты. Трэба ўсьведамляць, што накаты гэтыя не ў разуменьні Другой сусьветнай вайны, калі на штурм ішла цэлая рота. Не, накаты ідуць невялічкімі групамі — 2–4 чалавекі, максымум восем. Сучасныя сродкі, дроны ці цеплавізары, хутка вылічваюць вялікія групы, таму ідуць малымі групамі. Адпаведна і абарона таксама трымаецца на малых групах.

— Вы нядаўна атрымалі раненьне. Раскажыце, як гэта было.

— Трымалі абарону, была мая зьмена. Да гэтага нас два дні заціскалі, закідвалі нашу пазыцыю гранатамі. Два дні запар у нас былі «трохсотыя» (параненыя ў вайсковым жаргоне. — РС). На трэці дзень я зразумеў, што ў атаку пайшлі прафэсіяналы, а не такія, хто заходзіў раней. Стаялі да апошняга, пакуль не аддалі каманду адыходзіць. На нас ужо навялі гранатамёты. Калі ўжо адыходзіў, то куля трапіла ў руку, перад гэтым яна прабіла мяшок. Гэта раненьне зь пераломам косьці. Вырвала кавалак мяса на пяць сантымэтраў. Непрыемна, бо гэта працоўная рука, але што паробіш.

— Раскажаце пра датычнасьць Валера Сахашчыка да 79-й брыгады?

— Скажам так, я ішоў у «семдзесятдзявятку» не да Сахашчыка, я ішоў туды да іншых людзей і камандзіраў.

«Калі працаваць гладка, то гераізму ня будзе»

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Для мяне гэта былі рашэньні адпраўляць хлопцаў у бой. Бо ты ня ведаеш, ці ўсе яны вярнуцца назад. І гэта пачуцьцё бясільля, калі ты не разумееш, чаму іх прыціснулі, адкуль б’е мінамёт, калі зьяўляюцца «трохсотыя». У такія моманты ты разумееш, што ўсё залежыць ад выпадку. У мяне быў пэрыяд, калі даводзілася прымаць такія рашэньні.

— Што самае прыемнае на вайне?

— Калі добра ўведваеш хлопцаў. Ведаеце, гэта чыста такая мужчынская любоў. Спачатку кожны зь іх можа здавацца табе ці грубым, ці зь нейкімі «тараканамі» ў галаве, кім заўгодна, але, калі нармальна зь імі сыходзісься, пачынаеш іх разумець, яны разумеюць цябе, завязваецца кантакт, становіцца вельмі прыемна працаваць.

— Адкуль ваш пазыўны?

— Мяне называюць «Дзедам», бо я любіў бурчэць, па мазгах езьдзіць. У выніку ўсё рабілі як трэба.

— Чуў, што ў «семдзесятдзявятцы» шмат анархіі. Гэта праўда ці не?

— Я асабіста разумею, што такое дысцыпліна. Пры гэтым разумею, што кожны чалавек — гэта асоба. Нельга патрабаваць ад усіх, каб яны працавалі як ты і так, каб табе падабалася. Анархіяй усё гэта нельга назваць. Калі ты людзей з добраахвотніцкага батальёну спрабуеш загнаць пад армейскую стойку, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Калі паглядзець, як камандавалі «Брэст» (Іван Марчук, загінуў у чэрвені 2022 пад Лісічанскам. — РС), «Волат» (Павал Суслаў, загінуў у траўні 2022 у Мікалаеўскай вобласьці), то гэта таксама была «анархія з элемэнтамі ваеншчыны». Калі баявая задача, то пытаньняў быць не павінна, усё трэба выконваць. Але калі баявой задачы няма, то нейкія вольнасьці дапушчальныя. Калі ўсіх хочуць загнаць у адны рамкі, каб і спалі нагамі толькі на поўнач, то я такога не магу прыняць. Анархія — гэта «што хачу, тое і раблю». У нас усё ж ня так. Хлопцы на штурмавых задачах, калі працуюць дроньнікі, снайпэры, эвакуацыя, — да іх пытаньняў ня маю. Усе дакладна выконваюць сваю задачу. Анархіяй нават ня пахне.

— Ці ёсьць месца гераізму на вайне?

— Я ня ведаю, што такое гераізм. Ахвярнасьць сабой? Усе ахвяруюць сабой. Калі ты ўжо прыйшоў на вайну, то ты зрабіў геройскі ўчынак. Натуральна, калі ты прыйшоў, каб зарабіць грошай ці знайсьці сваю сьмерць, то гэта не гераізм. Калі хлопцы ідуць на пазыцыі, то гэта таксама гераізм. Ну вось прыклад: кінуцца на гранату. Калі няма іншага выйсьця, то гэта гераізм. Калі ўсё ідзе гладка, усе выконваюць свае баявыя задачы, няма ніякага форс-мажору, то гераічнага ўчынку ня будзе. Увесь гераізм — гэта звычайна нейкая недапрацоўка, недаацэнка праціўніка.

— Ці мае Ўкраіна шанец перамагчы на вайне?

— Спадзяюся, што так. Але калі знаходзісься там, то вельмі цяжка ў гэта верыць. Калі бачыш, што супраць цябе працуе, колькі працуе. Гэта зусім ня тое, пра што пішуць. Там вельмі цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG