Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну памяці


За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

Шосты ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна памяці

На пачатку 1990-х, каля я стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь», я зрабіў сьпіс словаў, якія нельга было ўжываць у назвах кніг пра гісторыю. Ванітавала ад бясконцых памяцьцяў сэрца, агнявых дарог, загартаваных у барацьбе. Справа была, вядома ж, ня ў назвах, а ў якасьці саміх успамінаў, бо сапраўдныя ўспаміны могуць напісаць толькі свабодныя людзі.

І хоць тады, тры дзесяцігодзьдзі таму, я забараніў слова «памяць», сёньня з прыемнасьцю прадстаўляю гэтую палічку нашай «Бібліятэкі», якая нарадзілася з радыёцыклю «Сучасныя мэмуары». Мы зьвярталіся да сучасьнікаў з просьбай напісаць успаміны, дапамагалі адрэдагаваць іх, і некалькі гадоў галасы аўтараў ад першай асобы расказвалі пра ХХ стагодзьдзе і Беларусь так, як ніхто апроч іх саміх ня здолеў бы гэта зрабіць.

Журналістыка можа вяртаць памяць рознымі сродкамі: запісваць інтэрвію, публікаваць эпісталярную спадчыну, рабіць дасьледаваньні і пісаць біяграфіі.

Вядома, нашы кніжныя выданьні — толькі вяршыня таго лесу памяці, які вырас на хвалях Свабоды. Чаго варты, напрыклад, ня выдадзены ў кніжным фармаце гадавы цыкль «Успамін стагодзьдзя», дзе нашы слухачы расказвалі пра сваё стагодзьдзе. А некаторыя аўтары «Сучасных мэмуараў» выдалі іх потым у іншых выдавецтвах, як напрыклад, выйшла кніга «Ліцэй» дырэктара Коласаўскага ліцэю Ўладзімера Коласа.

І яшчэ адно ўдакладненьне. Я думаю, што мы і нашы калегі не вярталі памяць, а стваралі яе — бо бяз гэтых накіраваных дзеяньняў, без замоваў, бяз кніг яе проста фізычна магло б ня быць. Таму — пішыце!

Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды

«Дзевяноста першы», «Дзевяноста другі», «Дзевяноста трэці», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты», «Дзевяноста шосты»

Успаміны ўдзельніка падзеяў заўсёды каштоўныя — а калі ён яшчэ і карпатлівы дасьледчык, зацяты архівіст і таленавіты журналіст, дык можна толькі працытаваць Нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, якая пісала Сяргею Навумчыку: «Гэта ня проста кніга, гэта кавалак гісторыі, гэта застанецца назаўсёды. Гісторыя часам выбірае нас як летапісцаў, і шчасьце, калі мы аказваемся да гэтага гатовыя».

Віцяблянам пашчасьціла, што Сяргей Навумчык адтуль родам і таму спыніў там будаўніцтва атамнай станцыі, Вярхоўнаму Савету пашчасьціла, што ён быў дэпутатам і таму гэтая неверагодная зьява ў палітычнай гісторыі Беларусі ня зьнікла ў пыле архіваў, беларускай Незалежнасьці і яе героям пашчасьціла, а ворагам наадварот, бо яны застануцца ў гісторыі, таму што пра іх напісаў Сяргей Навумчык.

Кнігі выходзілі не паводле храналёгіі, а паводле напісаньня, некалькімі выданьнямі, і цяпер яны утварылі клясычны цыкль палітычнай гісторыі, які сам стаў гісторыяй.

«Мой шыбалет»

(Зь лінгвістамі ўсё няпроста — цяпер прынята пісаць «шыболет», з націскам на другі склад.) Дэпутат Вярхоўнага Савету, першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, удзельнік галадоўкі супраць рэфэрэндуму аб мове, сьцягу і гербе, віртуоз мовы Пётра Садоўскі ня толькі назваў свае ўспаміны словам зь Бібліі, але і вызначыў іх жанр як арабэскі. Гэты беларускі шлях ад Фройда да Майсея, ад сувораўскай вучэльні да нацыянальнага абуджэньня, дзе сустрэча з рэальным ваўком менш вусьцішная, чым сустрэчы з калегамі-дэпутатамі — ох, не пашкадуеце!

«Дарога»

Падзагаловак удакладняе маршрут: Стоўпцы — Капэнгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Менск. Прыгожая кніга самай прыгожай старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы (гляньце фота ў кнізе!) выходзіла двума выданьнямі. Рэдкая рэч — хочацца ўведаць больш, яшчэ і яшчэ, але ляканізм зьяўляецца часткай стылю і кніга прачытваецца хутчэй, чым спадзяесься.

«Спадар Свабода»

Адна зь вельмі рэдкіх кніг-партрэтаў, прысьвечаных журналісту. Драматычны аповед Сяргея Астраўцова пра Ігара Герменчука, дэпутата, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА мусяць вывучаць будучыя рэпартэры і рэдактары. Ігар Гермянчук паўстае ў разьвіцьці, ад студэнта, які жыве беларушчынай, каханьнем, сябрамі, да дэпутата, словы якога цытуюць, па вокнах якога страляюць, газэта якога выходзіць па-беларуску стотысячным накладам, яе баяцца і любяць — і ніколі ня выкрасьляць з гісторыі беларускай прэсы.

«Птушкі пералётныя»

Так назвала свае ўспаміны вэтэран Свабоды Галіна Руднік, дзяцінства якой прайшло без арыштаванга перад вайной бацькі, юнацтва — у нямецкіх лягерах уцекачоў, і ўсё астатняе жыцьцё — з Радыё Свабода. Прадмова называецца «Дачка Сталіна выбрала яе голас» — і гэта рэальная гісторыя, як Сьвятлана Алілуева папрасіла, каб яе успаміны на Свабодзе начытвала дзяўчына зь беларускага Бабруйску. Упершыню гэтыя і іншыя гісторыі сабраныя ў гэтай кнізе.

«Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду»

Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі піша ў сваіх турэмных успамінах, як за кратамі яму патрапіла ў рукі гэтая кніга «Бібліятэкі»: «Чытаю „Гісторыю аднаго цуду“ Дубаўца, яна мне проста душу выварочвае». Гісторыю першай моладзевай арганізацыі будучыні, Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні (1981-1984), пісалі яе удзельнікі Тацяна Сапач і Сяргей Дубавец, якія зьбіралі сьведчаньні былых майстроўцаў. Тацяна кнігі не дачакалася — калі ў этэр выйшла апошняя перадача цыклю, у сьнежні 2010 году, яна загінула ў аўтааварыі. Але цуды застаюцца, і ня толькі ў памяці.

«Быў у пана верабейка гаварушчы»

Быў у пана верабейка гаварушчы (.pdf)

У гэтай кнігі ёсьць аўтар, але насамрэч гэта кніга народнай памяці. Перадача «Падарожжы Свабоды» завяла Зьмітра Бартосіка ў такія адрасы і закуткі ўспамінаў, пра якія сьведкі адважыліся распавесьці толькі напрыканцы жыцьця. І на гэтым шляху кніга сустрэла найвышэйшую незалежную літаратурную прэмію Беларусі, якая носіць імя Ежы Гедройця. Але гэта, як выявілася, была толькі першая кніга трылёгіі падарожжаў па нацыянальнай памяці.

«Клініка кітайскага дантыста»

Нястомны вандроўнік Свабоды гэтым разам адпраўляецца ў падарожжа па «забытых адрасах» культуры і чароўнай палачкай славутых імёнаў уваскрашае цэлыя эпохі, сюжэты і жарсьці зь нязьменным вынікам — адкрыцьцём! Ён знаходзіць сьляды француза Апалінэра ў Беларусі і беларуса Рыпінскага ў лёнданскім Тотэнгэме, распавядае кур’ёзныя, страшныя, сьмешныя гісторыі пра беларускіх пісьменьнікаў і галоўнага героя позьнесавецкай Беларусі — Уладзімера Караткевіча, а ў прыгадках пра «дачку Леніна» і Халодную сынагогу ажывае цэлы даўно зьніклы горад Менск. Заўтра ўсе гэтыя адрасы стануць аб’ектамі паломніцтва турыстаў. А пакуль пра гэта ведае толькі Зьміцер Бартосік і вы — калі адкрыеце другую кнігу трылёгіі.

«Забіць упалмінзага»

Кніга-бомба. 89-е па ліку выданьне «Бібліятэкі» адкрывае невядомую вайну супраць савецкай улады ў Беларусі — паўстаньні, байкоты, супраціў, які адбываўся ў паваенныя гады. Гэтую тайну нездарма хавалі як дзяржаўную — бо Беларусь была ня толькі партызанскай краінай, але і антысавецкай. Пабудаваная на дакумэнтах сэнсацыя Зьмітра Бартосіка завяршае трылёгію ягоных «Падарожжаў Свабоды» — паездак па невядомай эўрапейскай краіне і размоваў па-беларуску зь яе таямнічымі насельнікамі.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG